Ці існуе беларуская дзяржава і як яе можна стварыць

September 27, 2026
Download podcast

Чарговым госцем праграмы «Гаворыць Смаленск» на радыё «Свабодны Смаленск» стаў Ян Ліс.

Разам з вядоўцам праграмы Вадзімам Сідаравым яны абмеркавалі шэраг важных тэарэтычных пытанняў, з якіх вынікаюць не менш важныя практычныя высновы. Ці існуе сёння беларуская дзяржава як рэчаіснасць, ці толькі як права? Ці можна казаць пра асобнае існаванне антыбеларускага рэжыму і беларускай дзяржавы? Хто і якім чынам можа стварыць сапраўдную беларускую нацыянальную дзяржаву?

Суразмоўцы, у прыватнасці, пагаварылі пра тое, што:

• Канстатацыя рэальнасці — гэта пытанне не радыкалізму, а здаровага сэнсу.

• У таталітарных сістэмах дзяржава становіцца прыладай рэжыму.

• Сённяшняе войска РБ выконвае задачу абароны так званай Саюзнай дзяржавы, то бок фактычна Расеі.

• Планы Масквы адносна Сувалкскага калідора сведчаць пра тое, што Беларусь успрымаецца ёю як уласная правінцыя, а не як незалежная дзяржава.

• Зянон Пазьняк у свой час пісаў пра акупацыйны рэжым — і важна разумець, якія высновы з гэтага павінны вынікаць.

• Дзьмітры Гурневіч часта спрабуе адлюстраваць скажоную рэальнасць, паводле якой сённяшняя Беларусь — гэта ў прынцыпе незалежная дзяржава, а расейцы, якія пераязджаюць у яе, ператвараюцца ў беларусаў.

• Так званыя дэмакратычныя сілы часта ўспрымаюць Лукашэнку як беларускі аналаг нацыянальнага дыктатара кшталту Салазара, тады як сутнасць ягонага рэжыму вызначаецца перадусім тым, што ён антынацыянальны, а не тым, што ён аўтарытарны.

• Сённяшняя так званая незалежная Беларусь менш беларуская, чым БССР канца 1980-х гадоў.

• Варта адрозніваць дзяржаву як права (тытул), або прызнанае права на дзяржаву, ад дзяржавы як рэчаіснасці — то бок ад таго, чым яна з'яўляецца насамрэч.

• Нацыянальная дзяржава — гэта дзяржаўны апарат, які абслугоўвае інтарэсы нацыі.

• Трэба адрозніваць Рэспубліку Беларусь, створаную на пачатку 1990-х гадоў пры вырашальнай ролі Беларускага Народнага Фронту, ад дзяржавы з той жа назвай, пабудаванай на яе месцы Лукашэнкам.

• Рэспубліка Беларусь пачатку 1990-х гадоў адрозніваецца ад пазнейшай дзяржавы Лукашэнкі з той жа назвай гэтак жа, як Чэхаславакія адрознівалася ад Пратэктарату Багеміі і Маравіі.

• Апроч практычнай палітыкі дэбеларусізацыі, пры Лукашэнку адбывалася таксама ліквідацыя прававых асноў беларускай нацыянальнай дзяржавы.

• Рэжымны культ «генацыду беларускага народа» ў 1940-я гады — гэта ідэалагічны канструкт «русского мира», які ў тым ліку размывае само паняцце беларускага народа.

• Рэжымны культ паланізацыі беларусаў у Польшчы ў XX стагоддзі закліканы адцяняць русіфікацыю, якая адбываецца сёння.

• Макей ці Румас былі не больш чым адхіленнямі ад генеральнай лініі дзяржавы.

• Тэлебачанне РБ сёння фактычна з'яўляецца правінцыйным расейскім тэлебачаннем.

• Культура самазаспакаення — адна з вялікіх праблем беларускай апазіцыі.

• У так званай беларускай апазіцыі няма разумення праблемы будаўніцтва нацыі і нацыянальнай дзяржавы.

• Шлях будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы — гэта рэвалюцыйны шлях.

• Украіна — прыклад будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы і ператварэння ненацыянальнай дзяржавы ў нацыянальную.

• Жыццё і смерць Аляксандра Мілінкевіча сталі ілюстрацыяй таго, што адбылося з Беларуссю.

• Неабходна прызнаць, што сёння Беларусь акупаваная і каланізаваная.

• Апроч або замест беларускіх дэмакратычных сіл сёння неабходнае фармаванне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

• Прыярытэтам нацыянальнага руху павінна быць не дэмакратыя, а будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы і нацыі.

• Прысутнасць такога свядомага ворага беларускай нацыі, культуры і дзяржаўнасці, як Гігін, у якасці дзяржаўнага ідэолага сучаснай РБ — паказчык характару цяперашняга дзяржаўнага рэжыму.

• Смаленскі і ўсходнебеларускі рухі зацікаўленыя ў тым, каб Рэспубліка Беларусь стала паўнавартаснай беларускай нацыянальнай дзяржавай, але пакуль гэта не так.

• У вайскоўцаў і дзяржаўных службоўцаў «РБ» будзе магчымасць даказаць, кім яны з'яўляюцца — часткай рэжыму ці часткай беларускай дзяржавы. Ян Ліс, аднак, займае ў гэтым пытанні больш крытычную пазіцыю.

Пра ўсё гэта — у новым выпуску праграмы «Гаворыць Смаленск» на радыё «Свабодны Смаленск».

Comments(0)

Log in to comment