Беларусы на этнапалітычным перакрыжаванні

October 05, 2026

photo_2026-01-05_00-59-24.jpg (100 KB)

Мяркуючы па чарговым выказванні пра Беларусь чарговага «хорошего русского», было б добра трымаць у галаве шырэйшую этнапалітычную панараму.


1. «Русский мир» і яго носьбіты
Галоўны сёння экзістэнцыйны вораг, бо менавіта ў ім могуць растварыцца і знікнуць спачатку беларускі этнас, а потым і беларуская дзяржава, якая без прыналежнасці яму пазбаўляецца сэнсу існавання.
Гістарычна гэты «мир» быў ворагам сваёй для протабеларускай эліты дзяржавы - ВКЛ увогуле і знішчальнікам русінскай (скарынаўскай) гарадской клясы ў часы крывавага Патопу, што моцна нашкодзіла потым фармаванню беларусаў як мадэрнай нацыі.
У ХХ стагоддзі менавіта «русский мир» у розных выглядах двойчы тарпедаваў мадэрны беларускі нацыянальны праект - спачатку БНР, потым РБ, створаную БНФ.
Тэрытарыяльна-дэмаграфічна - адрэзаў ад Беларусі прыблізна трэціну этнічнага абшару (усходнюю).


2. Украінцы
У сучаснасці - галоўны саюзнік беларусаў як нацыі ў аб’ектыўным сэнсе, бо менавіта яны сёння фактычна змагаюцца за лёс не толькі сваёй нацыі, але і многіх іншых, якія асуджаныя знікнуць у выпадку перамогі «русского мира».
Гістарычна беларусы з украінцамі належалі да адной - русінскай - супольнасці ў ВКЛ да Люблінскай уніі. Потым былі канфлікты ў часы Казаччыны, тэрытарыяльныя спрэчкі паміж УНР і БНР, але на дадзены момант нішто з гэтага ўжо не актуальна.


3. Палякі
Гістарычна польская палітыка была пагрозай існаванню беларушчыны ў часы пазнейшай Першай Рэчы Паспалітай, а таксама Другой Рэчы Паспалітай.
Актуальна - менавіта Польшча разам з Украінай з’яўляюцца галоўнымі саюзнікамі беларускай нацыянальнай справы.
Тэрытарыяльна можна казаць пра захоп Польшчай Падляшша, але і палякі таксама могуць успрымаць заходнія беларускія землі як страчаныя ўсходнія Крэсы.


4. Літоўцы
Гістарычна - канкурэнты за Віленшчыну, якая была цэнтрам беларускага нацыянальнага руху.
Але калі беларуская нацыя глядзіць на Захад - а іншых варыянтаў у яе няма, - са стратай гэтай тэрыторыі трэба змірыцца. У будучыні, калі/пакуль узнікне нацыянальная Беларусь, адзінай магчымасцю для яе будзе праводзіць у дачыненні да Віленшчыны такую ж палітыку, як Польшча, то бок падтрымліваць сваю меншасць і сваю спадчыну. Адпаведна такое ж права павінна быць у Літвы ў дачыненні да літоўцаў у Беларусі. Тое самае тычыцца і беларуска-польскіх адносін.


5. Габрэі
Тут можа ўзнікнуць пытанне, ці адэкватна ставіць адну з тутэйшых супольнасцей у адзін шэраг з суседнімі дзяржаўнымі нацыямі.

Але такі падыход да габрэяў нібыта да цыганоў ці да «беларускіх татараў» ігнаруе тое, што, у адрозненне ад іх, габрэі сёння - гэта таксама дзяржаўная нацыя, а іх дыяспары, як правіла, цэнтраваныя вакол іх этнічнай дзяржавы - Ізраіля.

Гэта трэба разумець, таму што часам складаецца ўражанне, што беларусы, якія падтрымліваюць Ізраіль, робяць гэта як беларусы, хаця часта гэта робяць людзі, якія кіруюцца не беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, а габрэйскімі ці прагабрэйскімі пачуццямі.

Пры гэтым трэба падкрэсліць, што падобнай падтрымкі беларускай нацыянальнай справы з боку Ізраіля менавіта як дзяржавы няма. Гэтую справу ў Ізраілі падтрымліваюць толькі людзі, звязаныя з Беларуссю, у той час як Ізраіль як дзяржава мае добрыя адносіны з галоўным ворагам беларускай нацыі - Расеяй і «русским миром» - і пры гэтым мае напружаныя адносіны з саюзнікамі беларускай нацыі - Украінай і Польшчай.

Ці гэта значыць, што патрэбны нейкі «антысемітызм»? Не, патрэбнае толькі разуменне, дзе сканчаюцца беларускія нацыянальныя інтарэсы і пачынаюцца габрэйска-ізраільскія і дзе другія спрабуюць прадставіць як першыя.

Гэта ў прынцыпе тычыцца ўсіх іншых нацый, у тым ліку пералічаных, з тым адрозненнем, што з украінцамі, палякамі і літоўцамі беларусаў больш звязвае этнічна, а пасля таго, як габрэі стварылі сваю дзяржаву на Блізкім Усходзе, - і геаграфічна.

Пры гэтым, канешне, літвакская культурная спадчына з’яўляецца часткай культуры ўсяго абшару ВКЛ, і ўспрымаць яе трэба адпаведна.

Comments(0)

Log in to comment