Як Першы падзел Рэчы Паспалітай змяніў гісторыю нашых земляў


August 06, 2026 - 92 views

5 жніўня 1772 года - роўна 254 гады таму, адбылася падзея, якая назаўсёды змяніла палітычную карту Усходняй Эўропы.
Расійская імперыя, Прусія і Аўстрыя падпісалі канвенцыю аб Першым падзеле Рэчы Паспалітай. Тры суседнія манархіі цынічна дамовіліся паміж сабой і адарвалі значныя тэрыторыі ў адной з найбуйнейшых дзяржаў рэгіёна.

Для мільёнаў жыхароў, змяніўся ўвесь лад жыцця: законы, сістэма ўлады і культурнае асяроддзе. Асабліва драматычна гэтыя змены адбіліся на ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). На землях, якія акупавала Расея.

Землі, адарваныя ад Вялікага Княства Літоўскага

У выніку падзелу 1772 года Расійская імперыя захапіла ўсходнюю частку ВКЛ, у тым ліку землі Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў.

Тут важна памятаць гістарычны кантэкст: Смаленск і Смаленская зямля - старажытны цэнтр ВКЛ на ўсходзе - былі захопленыя і акупаваныя Маскоўскай дзяржавай яшчэ стагоддзем раней (у выніку вайны 1654–1667 гадоў.
Аднак заходнія тэрыторыі сучаснай Смаленшчыны, уключаючы Веліж, Невель, Шумячы, Хіславічы, Манастыршчыну) заставаліся неад'емнай часткай ВКЛ аж да 1772 года.

У склад Віцебскага ваяводства ўваходзілі, у прыватнасці, Веліж і Невель. А Мсціслаўскае ваяводства ахоплівала тэрыторыі, якія сёння складаюць Шумяцкі, Хіславіцкі і Манастыршчынскі раёны. Гэта былі землі ВКЛ са сваёй прававой традыцыяй, разгалінаванай сеткай мястэчак, замкаў і багатай шматвяковай культурнай спадчынай.

1772 год: крах ранейшага парадку і імперская прымусовая ўніфікацыя

Пераход пад уладу Санкт-Пецярбурга запусціў працэс знішчэння ўнікальнай прававой і палітычнай прасторы, якая фармавалася стагоддзямі.
На змену традыцыйнаму самакіраванню і Статуту ВКЛ - аднаму з найбольш перадавых прававых кодэксаў Эўропы свайго часу - прымусова насаджаліся імперскія законы і бюракратычная сістэма.
Грамадзянскія свабоды гарадоў саступалі месца жорсткай імперскай вертыкалі ўлады.

У наступныя дзесяцігоддзі ўлады распачалі планамернае знішчэнне Уніяцкай (Грэка-каталіцкай) царквы, да якой належала пераважная большасць мясцовага насельніцтва (аж да яе поўнай ліквідацыі ў 1839 годзе). Гэта стала пачаткам татальнай русіфікацыі краю.

Як гэтыя землі апынуліся ў складзе Смаленшчыны

Гісторыя адміністрацыйнага перакройвання не спынілася ў XVIII стагоддзі. У XX стагоддзі адбыўся новы этап адарвання тэрыторый.
Савецкае перакройванне (1919–1929-я гады). Пры абвяшчэнні БССР у 1919 годзе гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў яе склад, аднак Масква на працягу 5 гадоў, ўключыла іх у склад РСФСР. Пазней, у працэсе "ўзбуйнення БССР" (1924 і 1926 гадоў), цэнтральная ўлада была вымушаная вярнуць частку Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Аднак Веліжскі і Невельскі край, а таксама ўсходнія часткі Мсціслаўшчыны (Шумячы, Хіславічы, Манастыршчына)  былі  адрэзаныя ад Беларусі і замацаваныя за Смаленскай вобласцю РСФСР.
Фактычна адбылася чарговая адміністрацыйная анексія: межы былі перасунутыя ўнутры адзінай савецкай імперыі, адарваўшы спрадвечныя беларускія землі ад іх натуральнага нацыянальнага і гістарычнага ядра.
Менавіта таму сёння Веліж, Шумячы, Хіславічы і Манастыршчына ўспрымаюцца шмат кім, выключна праз прызму сучаснага адміністрацыйнага падзелу Расійскай Федэрацыі. Але цяперашняя мяжа - гэта не "гістарычная дадзенасць", а толькі вынік імперскіх перакройванняў.

Гісторыя нашых земляў значна глыбейшая і старажытнейшая за падзеі 1772 года і савецкія адміністрацыйныя пастановы.

Яна працягвае жыць: у захаванай планіроўцы мястэчак, архітэктуры касцёлаў і старажытных храмаў;

у тапаніміцы - назвах рэк, вёсак і ўрочышчаў;

у архіўных дакументах, метрычных кнігах і мясцовай гаворцы;

у гістарычнай памяці пра тое, што гэтыя землі стагоддзямі былі часткай эўрапейскай палітычнай і прававой прасторы Вялікага Княства Літоўскага.

Першы падзел Рэчы Паспалітай сілай адарваў гэтыя землі, а савецкі рэжым завяршыў іх адміністрацыйнае адчужэнне. Але глыбокую гістарычную і нацыянальную ідэнтычнасць краю немагчыма выкрасліць ніводным указам.
Карты змяняюцца, імперыі распадаюцца, але памяць пра тое, якой была гістарычная прыналежнасьць гэтых земляў, застаецца. 

Рэдакцыя Радыё Свабодны Смаленск
06.08.2026

Comments(0)

Log in to comment